Friday, August 27, 2010

БАГАРОДЗІЦА НА ЛОЖКУ СПАЧЫНУ

сьвяціцель Мікола Сэрбскі

Прачытана апошняя старонка сьвятой кнігі, зьмест якой ад дошкі да дошкі струменіць зь сябе сьвятую нявіннасьць і набожнасьць. Гэта тая кніга, пры выглядзе якой нават самыя жорсткія крытыкі, якія нясуць у сабе цяжар прадузятасьці і забабонаў, моўчкі спыняліся і, прачытаўшы яе з пачатку да канца, сыходзілі са зьмякчэлым сэрцам і амалоджаным духам. Зачынена тая кніга, першыя словы якой – “У юдэйскім мястэчку Назарэце жылі бязьдзетныя набожны старац Якім і ягоная жонка Ганна...”.

Як сьветлыя першыя старонкі гэтай гісторыі — сапраўды азораны той вячэрняй, мяккай і ціхай чырваньню заходу, які праводзіць сонца, каб пасьля ночы зазьзяла яно сьвятлом зь усходу. Каго не узрадуе шчасьце гэтых пажылых людзей, якое наведала іх толькі пры разьвітаньня са сьветам, каб дадаць кроплю мёду ў іх атручанае скрухай жыцьцё!

Невымоўнай райскай весялосьцю былі напоўнены старэчыя душы Якіма і Ганны пры бачаньні сваёй маленькай дачкі, у суправаджэньні сябровак уваходзячай у Божы храм і якую сустракае там сьціплы, але урачысты прыём. Радасьць гэтых старых набожных душаў была тым чысьцей і дасканалай, што бацькі не маглі нават падазраваць [пра тое], што гэта — першая і апошняя радасная падзея для іх выплаканага плоду. Юная Марыя рана засталася сіратой, без айца і маці. Бог пашкадаваў Якіма і Ганну за іх набожнасьць, каб не дажылі яны і не убачылі тую бесьперапынную чараду бед і пакут, праз якія належала прайсьці іх дзіцяці дзеля набыцьця узнагароды — праўда, вялікай і для іншых недасягальнай, а менавіта, што іх дачка назавецца Маці Сына Боскага.

Якім і Ганна спачылі, суцяшаючыся тым, што сваё дзіця пакінулі пад прытулкам храма, пад Боскае абаронай. Хто б мог тады прадказаць гэткае неспакойнае жыцьцё гэтае Дзяўчаці, Якая усю Сваю юнацкасьць правяла ў царкве — у сьвеце, пасьце і малітве? І тым не менш буры жыцьцёвага мора няшчадна разьдзіралі гэту сірату, захаплялі яе ў невядомыя землі, імкліва кідалі зь натхненьня ў страх і наадварот. Для далікатнай дзявоцкай душы даволі было і аднаго узрушэньня ад раптоўнага анёльскага дабравесьця пра вялікую Боскае літасьці, якая вызначыла гэтай Дзеве нарадзіць Выратавальніка сусьвету.

Але для Марыі былі прыгатаваны і значна больш цяжкія выпрабаваньні, здольныя зламаць наймоцных духам і здушыць найвялікую мужнасьць. Пасьля Сваёй першай матчынай усьмешкі Свайму Боскаму Дзіцяці, якая узьвесяліла Яе душу, [стомленую] трывогай і цяжкім пераходам у начной цемры і пад дажджом, Яна павінна была неадкладна бегчы без аглядкі [з Палестыны ў Егіпет], каб выратаваць гэта Сваё дарагое і найвысокае Дзіця. Менавіта так, бо цар Ірад баяўся Яе Немаўля, якое ляжыць на саломе, і людзкая зайздрасьць пазбаўляла Сына Боскага усякага супакою нават у пячоры, у гэтым сьціплым прыстанку.

Агорнутая страхам і трапятаньнем, Яна бегла па палестынскіх раўнінах, прыціскаючы да грудзей Сваё Дзіцё, без стомы сьпяшалася дзень і ноч па лясах і пустэльням, не ведаючы ні дарог, ні сьцежак, толькі каб выратаваць Яго ад мяча царскіх катаў. Зрэшты, не завагалася Яна і не саслабела духам на шляху, не зьнемаглася ад трывог і стомленасьці, падбадзёрваючы Сябе думкай пра тое, што Гасподзь Бог — вялікі Цар над усімі багамі і што ў Яго руцэ і горныя вяршыні, і даліны зямныя (параўнай Пс. 49:1; 45:3–4), бо яшчэ з раняй юнацкасьці ўклала ў Сваю душу навучаньне прамудрага Прапаведніка: “І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: “няма мне ад іх асалоды!””(Экл. 12:1).

Перажывала Яна усё гэта зь верай у Бога, ніколі нават не падазраючы, што імя Боскае Маці прынясе Ёй больш гаркаты, чым радасьці. Ды і ці магла Яна інакш думаць пасьля гэтак пышных прадвесьцяў Архангела Гаўрыіла? Ды і ці магло наогул прыйсьці камусьці ў галаву, што людзі так варожа сустрэнуць Нябеснага Пасланца і свайго Выратавальніка?

Бо нават тады, калі слава Яе Сына пачала праносіцца па усім сьвеце, зь Яе матчынай душы не сыходзілі цяжкія прадчуваньні і клопаты. Яна увесь час суправаджала Ісуса, ідучы за Ім здалёк, у масе цікаўнага народа, зь асьцярогай на яго пазірала і убірала Яго словы, але не вырашалася падысьці да Яго бліжэй, баючыся Яму дакучаць. Ведала Яна пра Яго бязьмежную любоў да усіх людзей, чула Яго словы: “Маці Мая і браты Мае — гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго” (Лк. 8:21).

Ён перастаў прыналежаць толькі ёй, зрабіўшыся жывой Крыніцай для усяго сусьвету, так што усякі ахвотнік прыходзіў зь Яго напіцца. Але зноў—такі нікому Ён не быў так ласкавы, як сэрцу Маці. У той неагляднае масе людзей, якая рухалася за Ісусам па пятах па усёй Палестыне і захоплена Яго вітала, адны зіхатлівыя вочы заўсёды глядзелі на Яго пільна, адны вусны няспынна паўтаралі Яго сьвятыя словы і ціха узносілі пра Яго малітвы. То была Ягоная Маці.

Ісус жа упэўнена ішоў наперад, не аглядаючыся на глухую лютасьць грэшнікаў, паўстаўшую на Яго. Нішто Яго не бянтэжыла і не палохала. Ён заўсёды быў аднолькава велічным і рашучым — як на Эліёнскае гары, пры уваходзе ў Ерусалім і ў іншыя урачыстыя хвіліны, так і на апошняй вячэры пры разьвітаньні зь вучнямі перад шэсьцем на Галгофу. І толькі адно уважлівае вуха чула скрыгат зубоў на Ісуса і адна душа прадбачыла намеры бязбожнікаў, якія палююць на душу праведніка і кроў невінаватую засудзяць (Пс. 93:21), і кожны дзень Яе сэрца напаўнялася страхам ад таго, што пачула Яна і адчувала. Гэта была Ягоная Маці.

Жадалася Ёй хоць уначы пабыць зь Ісусам сам—насам і распавесьці Яму аб усім, што данеслася да Яе вушэй, што казалі пра Яго людзі і што яны Яму рыхтуюць, — усё гэта парывалася Яна Яму распавесьці, каб быў Ён яшчэ больш уважлівым і асьцярожным, хоць і ведала, што Яму усё вядома значна лепш. Але і па начах не меў Ён адпачынку, навучаючы Сваіх вучняў і рыхтуючы іх да далейшых подзьвігаў. А Яна гарэла жаданьнем хоць бы ў гадзіны начнога супакою удалечыні ад сьвецкае мітусьні перамовіцца зь Ім словам, прыціснуўшы да Сябе Яго стомленую галяву. Аднак гэтаму Яе жаданьню не наканавана было спраўдзіцца, так што і ночы праводзіла Яна без Свайго Сына, сьлёзнымі вачамі пазіраючы на зорнае неба і зьвяртаючы да яго суцяшальныя словы цара Давыда: “Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць” (Пс. 93:19).

Але усе гэтыя душэўныя перажываньні, усе клопаты і смуткуй, уся злосьць і нянавісьць людзей, якую Марыі прыйшлося зьведаць за Сына Свайго, — усё гэта было нішто ў параўнаньні з тым страшным ударам, які рыхтаваўся як супраць Ісуса, так і супраць Яе душы. [Бо] уласнымі вачамі бачыла Яна Свайго Сына зьвязаным, аплёваным і скрываўленым пад цярновым вянком і чула тыя пякельныя крыкі: “Раскрыжуй Яго! Раскрыжуй!” Крочыла Яна за ім і да Галгофы, бачыла, як зьнемагае Ён і валіцца пад крыжам, нахілялася да зямлі і зьбірала ў пыле кроплі Ягонае крыві. Данесьліся да Яе слыху і гукі цьвікоў, што забіваліся ў Ягоныя рукі, некалі Яе абдымаўшыя, бачыла Яна Яго на крыжы, голага і зьнявечанага, што перажывае жудасныя пакуты, які абліваецца потам і разьвітваецца зь апошнімі сіламі.

О, калі б магла Яна хоць прыпасьці да Яго крывавячых ног, абняць іх і пацалаваць! Але і гэта было немагчыма для беднай Маці. О маці, якія наракаюць пра сваіх хворых сыноў, успомніце Марыю, што пакутавала пад крыжам, на якім у [жудасных] пакутах паміраў Яе Сын! Успомніце і умацуеце свае сэрцы тым, чым і Яна Сябе падбадзёрвала: надзеяй на Боскую міласьць!

Хрыстос канаў. Але ў найвялікіх пакутах, перад тым як аддаць дух Свайму Айцу, Ён пра нейкага вось успомніў і паглядзеў уніз на зямлю. Адшукаўшы вачамі Сваю Маці, Ён убачыў Яе бядуючай і нямоглай. Ясна усьведамляючы яшчэ адзін Свой абавязак у адносінах да Яе, Ён, зірнуўшы на Свайго самага любімага вучня, Яна, сказаў Сваёй Маці: Жанчына! гэта, сын Твой.

Хрыстовы вучні разышліся па усім сьвеце вучыць і ратаваць чалавечы род. Пакінулі яны родныя дамы і сем'і і усе свае сілы прысьвяцілі пропаведзі вучэньня Выратавальніка. Не былі яны ужо такімі баязьлівымі, як у тую ноч, калі быў схоплены Ісус, але сталі бясстрашнымі і магутнымі волатамі, зьневажаючы усялякую небясьпеку.

Пакуль былі яны ў Палестыне, зь імі мела зносіны і сьвятая Марыя, дапамагаючы ім у сьцьвярджэньні запаведзяў Выратавальніка, заахвочваючы іх на усялякае дабро і падбадзёрваючы. Але калі вучні сышлі з Палестыны ў краіны далёкія, чужыя і невядомыя, Яна засталася ў доме Яна.

Не марнавала Яна часу дарма, але кожную хвіліну ужывала на карысьць роду чалавечага, таго самага роду людзкага, які раскрыжаваў Яе нявіннага Сына! Сваю працу і апеку прысьвячала Яна лякарням і вязьніцам, суцяшала, вучыла і навучала усякага, каму патрабавалася падтрымка альбо рада. Жыла строга па запаведзях Свайго Сына і таму магла суцешыць людзкія смуткі і была крыніцай гаючай прахалоды, бяручы зь якой усялякі адчуваў сьвежасьць і палягчэньне і умацоўваўся нябеснай любоўю. Добрыя справы, якім Яна Сябе даручыла, напаўнялі Яе душу вялікай асалодай і суцяшэньнем, што і было адплатай за усе Яе раней перанесеныя беды і гаротнасьці. [Бо] толькі пасьля таго, як Яе Сын уваскрэс, у Яе адкрыліся вочы на адбыўшаеся і зьявілася надзея.

Але вось надышоў час і Марыі заплюшчыць вочы і аддаць Свой дух Богу. Адбывалася гэта ў сьвеце і цішыні. Яе сьмерць не выклікала ніякай мітусьні і турботы. Палестына, якая была сьведкам гэтакіх дзіўных і бурных падзей і уся узбураная ад раптоўнасьці і нечаканасьці адбыўшагася, уціхамірылася і ціхамірна праводзіла паўсядзённае жыцьцё, толькі зрэдку пазіраючы на свой пакрыты славай і цемрай твар у люстэрку нядаўняга мінулага. Сьвет сьпяшаецца па сваіх будных, звыклых справах.

Багародзіца спачывае на ложы. A сьвет і не адчувае ніякай зьмены, не адчувае таго, што зь яго асяродзьдзя сышла самая богадагодная Жанчына. Сьвет заўсёды адзін і той жа: пустой гаворкай і дробязнымі клопатамі пра патрэбы цела ён выкрадае сьвятасьць у самых урачыстых момантаў у гісторыі чалавецтва. Калі найвялікія барацьбіты за яго шчасьце паміралі ў пакутах, ён спакойна, зь несуцішным гоманам ад мноства галасоў сьпяшаўся за хлебам. Вось і зараз, калі вялікая Дабрадзейка людзей ляжыць на божай пасьцелі, вулічны шум і шматгалосьсе не змаўкаюць ні на хвіліну.

Але калі панясуць Яе на месца спачынку, калі Апосталы засьпяваюць пахавальныя сьпевы, у душы сьвету гэтага уваскрэснуць яркія успаміны пра Вялікага Настаўніка любові і пра Ягоную рахманую і велічную Маці. І знойдуцца, абавязкова знойдуцца тыя, хто далучыцца да Апосталаў і цёплай сьлязой абросіць магілу прыкладнай Назарэцянкі, а сваё жыцьцё і дзела уладкуе па Эвангельлі Яе Сына. Раптам, у імгненьне вока, сьвет забудзецца пра свае клопаты і адновіць у памяці усё жыцьцё гэтай Жанчыны, якая мела моцную веру, — і сам пераканаецца ў тым, што імя Госпада — дужая вежа: уцякае ў яе праведнік — і бясьпецы (Высл. 18:11).

У доме апостала Яна пануе цішыня і супакой. Нішто не парушае гэтай поўнай глыбокай пашаны атмасфэры. Невялікі сьціплы пакой асьветлены двума шэрагамі сьвяцільнікаў, якія стаяць вакол сьмяротнага ложка. Можна б было падумаць, што ў пакоі нікога няма, хоць насамрэч у ёй у гэту хвіліну сабрана амаль усё Хрыстова войска. Тут Ягоныя Апосталы, якія толькі—толькі прымчаліся зь усіх канцоў сусьвету, каб праводзіць Маці Настаўніка ў яе вечную сялібу.

З пахіленымі галовамі стаяць яны вакол ложка Багародзіцы. А Яна ляжыць. На Яе твары зьзяе адбітак дабрыні і нейкага таямнічага шчасьця, якія сьведчыць пра адсутнасьць усякай скрухі, а таксама апошняе “Бывайце!”, поўнае літасьці і ласкі да гэтага сьвету, які выявіў так мала спагады, гасьціннасьці і любові і Ёй, і Яе Сыну.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.