Wednesday, August 25, 2010

ЗАСНАВАНЬНЕ ЛІТОЎСКАЕ МІТРАПОЛІІ

Сагановіч Генадзь

Пасьля таго як месцазнаходжаньне кіеўскага мітрапаліта было перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву (1299), праблема мітрапольнай прыналежнасьці беларусаў Вялікага Княства Літоўскага набыла асаблівае значэньне. Сувэрэнная дзяржава не магла спакойна глядзець на тое, як сумленьне яе грамадзян падпарадкоўваецца маскоўскаму мітрапаліту, што фактычна азначала падпарадкаваньне Маскоўскаму княству, бо ў Маскве уладыка ішоў за манархам. Натуральнае імкненьне Вільні захаваць самастойнасьць сваіх хрысьціянаў магло задаволіцца толькі стварэньнем уласнай мітраполіі.

Паводле некаторых запісаў у грэцкім сьпісе архірэйскіх кафедраў, свайго першага мітрапаліта нашая дзяржава мела, відаць, у 1300 годзе, у часы княжаньня Віценя. Аднак апроч адной узгадкі болей ніякай інфармацыі пра гэта вядомыя крыніцы не данесьлі.

Толькі ў 1317 годзе намаганьнямі Гедзіміна утвараецца сталая асобная мітраполія ў Вялікім Княстве, катэдра якой месьцілася ў Наваградку. Вядома, што ў жніўні таго года беларускі мітрапаліт Феафіл браў удзел у пасяджэньнях Канстантынопальскага сынода. Бізантыйскім імпэратарам тады быў Андронік Палеалёг Старэйшы, а канстантынопальскім патрыярхам - Іаан Гік. Першаму вядомаму мітрапаліту Вялікага Княства Літоўскага падпарадкоўваліся япархіі Полацкая, Пінская і Тураўская.

Аднак Масква не жадала страчваць манаполію на праваслаўных хрысьціян Усходняй Эўропы і распачала барацьбу супроць асобнай катэдры ў Навагрудку. У 1328 годзе беларускія епіскапы падпарадкоўваліся ужо маскоўскаму мітрапаліту Феагносту. Праз год Гедзімін зноў здолеў пасадзіць свайго уладыку ў Навагрудку, і зноў Масква пачала дамагацца ліквідацыі кафедры канстантынопальскім патрыярхам.

Альгерду давялося разьвязваць тую ж праблему, што і яго бацьку Гедзіміну, - нанова утвараць асобную мітраполію ў сваёй дзяржаве. Ён хацеў, каб кафедра месьцілася ў Кіеве, даўным цэнтры праваслаўя. І хоць у 1352 годзе Канстантынопаль не зацвердзіў Альгердавага кандыдата на кіеўскую катэдру, аддаўшы перавагу маскоўскаму Алексію, Літоўская мітраполія усё ж была адноўлена. Яе цэнтрам ізноў зрабіўся Наваградак. Нашаму мітрапаліту Раману падпарадкоўваліся Полацкая і Тураўская, а потым і Галіцка-Валынская япархіі.

Не менш уважлівым да праблемы уласнай мітраполіі быў Вітаўт. Умацаваўшы сваё становішча на пасадзе вялікага князя, ён рабіў захады па нэўтралізацыі уплыву Масквы на праваслаўныя дзяржавы, а таксама абмяркоўваў ідэю аб'яднаньня цэркваў. У 1406 годзе з яго ініцыятывы япіскапамі Вялікага Княства Літоўскага быў абраны свой мітрапаліт - полацкі уладыка Феадосій. Калі ж Канстантынопаль зацьвердзіў мітрапалітам маскоўскага кандыдата Фоція, Вітаўт забараніў яму візытаваць япархіі сваёй дзяржавы. На зьезьдзе духавенства і сьвецкай арыстакратыі ў Наваградку ў 1415 годзе быў зноў абраны уласны мітрапаліт Рыгор Цамблак, які на Канстанцкім саборы заклікаў да царкоўнай вуніі. Аднак і ён пратрымаўся не доўга, бо Канстантынопаль аддаў перавагу маскоўскаму Фоцію. Гэтак барацьба паміж Масквой і Вільняй вялася да 1458 года, пакуль асобная мітраполія Вялікага Княства Літоўскага не выдзелілася канчаткова.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.