Saturday, June 5, 2010

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦЬ СЬВЯТОЙ ЕЎФРАСІНЬНІ ПОЛАЦКАЙ, АСЬВЕТНІЦЫ БЕЛАРУСІ

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу!

Дарагія браты і сёстры!

Сёньня мы ўшаноўваем памяць сьвятой Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі. Але яна не толькі вялікая сьвятая беларускага народу. Ні да, ні пасьля яе ва ўсёй Кіеўскай Царкве не было сьвятой роўнай ёй. Невыпадкова нашая сьвятая маці была і застаецца адзінае сьвятой жанчынай, што спачывала ў пячорах Кіева – Пячорскае Лаўры. Як зорка на небе зьзяла сьв. Еўфрасіньня ў Праваслаўным сьвеце яшчэ пры жыцьці, бо нават у далёкім Ерусаліме, куды пілігрымкай вырушыла яна ў канцы свайго зямнога шляху, ведалі і шанавалі яе…

Які прыклад падае нам жыцьцё сьвятой Еўфрасіньні Полацкай? Яно добра вядома, але некаторыя моманты варта прыгадаць.

Дачка Полацкага князя, прыгожая і адукаваная… Яе чакала добрае і спакойнае жыцьцё князёўны і жонкі князя. Але пачуўшы Боскае пакліканьне, голас Выратавальніка нашага: “Адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною” (Лк. 9:23) – пакінула багацьце бацькоўскага дому і сышла ў манастыр. Ні славу, ні багацьце, ні спакойнае жыцьцё абрала сьвята, а служэньне Госпаду нашаму Ісусу Хрысту. Бо нічога не было для яе вышэй гэтага служэньня…

Але варта ўзгадаць як сьвятая Еўфрасіньня служыла Госпаду. Для яе служэньне Госпаду было служэньнем свайму народу, сваёй зямлі. Самотніцай у кельлі пры Полацкім Сафійскім саборы яна перакладала і перапісвала богаслужбовыя кнігі, турбавалася аб асьвеце свайго народу… І калі Бог праз анёла Свайго паклікаў яе да яшчэ больш цяжкага служэньня – служэньня ігуменскага без ваганьняў пакінула Полацак і пайшла ў Сяльцо – засноўваць і будаваць манастыры і цэрквы. Менавіта засноўваць і будаваць… Бо і пакліканьня да манаства абуджала яна, і будаўнічай справай займалася. Паўсталі яе стараньнямі ў Полацкім княстве жаночы і мужчынскі манастыры, яшчэ гучней залунала над Сьвятой Беларусьсю малітва Госпаду; пачалася буйная асьветніцкая дзейнасьць…

Яе верная дачка зямлі Беларускай, сьв. Еўфрасіньня жадала бачыць Беларускую Царкву памеснай; каб Беларускае Праваслаўе заняло годнае месца сярод Цэркваў – Сёстраў. Менавіта на гэта былі скіраваны яе кантакты з Канстантынопалем і перамаўлялася яна не праз Маскву, якой тады яшчэ не існавала; не праз Кіеўскага мітрапаліта, а непасрэдна зносілася з Канстантынопальскім і Ерусалімскім патрыярхам. Такім чынам, сьв. Еўфрасіньня прагнула таго ж, чаго прагнем і мы – паўстаньня ў Беларусі памеснай Праваслаўнай Царквы. Значыцца – Царквы Аўтакефальнай. Як яшчэ адну духоўную адзнаку нашае незалежнасьці – свой крыж паклала яна на алтар Полацкай Сафіі. І ад таго часу зрабіўся гэты крыж найвялікай сьвятыняй беларускага народу.

А калі адчула сьв. Еўфрасіньня, што яе зямны шлях дабягае канца – найперш паклапацілася аб пераемніках сваёй сьвятой справы на зямлі Беларускай. І толькі пабачыўшы справу сваю ў надзейных руках, рашылася вырушыць у вялікую пілігрымку да Ерусаліма – пабачыць сьвятыя мясьціны зьвязаныя зь жыцьцём Выратавальніка. Па шляху наведала Кіеў, Канстантынопаль і паўсюды на сьвятых месцах малілася за свой народ, за Беларусь. Вясной 1173 г. сьв. Еўфрасіньня дасягнула Ерусаліму і асялілася ў манастыры пры царкве Ўсясьвятой Багародзіцы. Наведвала сьвятыя мясьціны, малілася… І калі анёл Госпада абвясьціў ёй аб надыходзе часу спачыну, паслала свайго брата на Ярдан за сьвятой вадой і акрапіла сябе. Сьвятая адышла да Госпада 23 траўня 1173 г. Павага праваслаўных да яе была настолькі вялікая, што яе пахавалі ў манастыры звышгоднага Фёдара, у царкоўным прытворы, – у гэтым манастыры хавалі жанчын, і там былі магілы: маці звыг. Савы і сьв. бяссрэбранікаў Касьмы і Дземьяна. Неўзабаве каля яе магілы пачалі адбывацца шматлікія цуды і яна была кананізаваная Ерусалімскай Царквой. Такім чынам, сьвятасьць Еўфрасіньні найперш выявілася ў месцы выратавальных пакут і сьмерці Госпада нашага Ісуса Хрыста…

У 1187 г., калі хрысьціяне пакідалі Ерусалім, як найвялікую каштоўнасьць, сьвятыя мошчы Еўфрасіньні былі вынесены зь акупаванага мусульманамі горада і пранесеныя ў пячоры Кіева–Пячорскага манастыра, а ў 1910 г., пасьля шматгадовых просьбаў беларускіх праваслаўных вернікаў – у Полацак. Дзе спачываюць і да сёньня асьвячаючы нашу зямлю. А на Нябёсах вялікая сьвятая беларускага народу ўзносіць свае малітвы да Госпада.

У нашай бацькаўшчыны – Беларусі цяжкая доля. Ад часоў сьв. Еўфрасіньні не аднойчы білі званы Полацкай Сафіі, уздымаючы нашых продкаў і кліча іх на барацьбу за волю і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны. І дабраслаўлёныя беларускім крыжам, сымбалем падараваным нам сьв. Еўфрасіньняй, крочылі беларускія праваслаўныя ваяры на Грунвальд і Воршу, ўздымаліся Слуцкія палкі, змагаліся беларускія партызаны супраць расейска-бальшавіцкае навалы… І сёньня, калі яшчэ хмары затуляюць неба над нашае Радзімай, калі яшчэ гінуць і працягваюць пакутаваць у вязьніцах лепшыя сыны і дачкі беларускага народу, малітвы нашых сьвятых дадуць нам сілы, мужнасьць, абароняць нас у сьвятой барацьбе за шчасьце нашага народу.

Дык давайце разам ўзьнясём малітвы сьвятой маці нашае Еўфрасіньні за беларускі народ, за яго шчасьце і вольную долю. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.