Monday, June 14, 2010

ЗВЫШГОДНЫ ЛЕКАР АГАПІТ КІЕВА – ПЯЧОРСКІ

1 чэрвеня

Звышгодны Агапіт Кіева-Пячорскі быў манахам Кіева-Пячорскай Лаўры, вылечваў хворых травой, якой і сілкаваўся – за гэта яго клікалі лекарам. Так, ён вылечыў аднаго прырэчнага на сьмерць, якому далі выпіць атруту, і шмат іншых сьмяротна хворых. І зайздросьцілі яму ілжывыя лекары інаслаўныя ды падманам далі выпіць вялебнаму манаху сьмяротную атруту. Але выпіў яе звышгодны без шкоды здароўю ўласнаму. Бо Гасподзь ведае як выратоўваць ад злой сьмерці дабрачэсных: “... і калі што сьмяротнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.” (Мр. 16, 18)

Калі захварэў князь Уладзімір Усеваладавіч (Манамах), у часе свайо чарнігаўскага княжаньня, паслалі прасіць пячорскага ігумена Іаана, каб апошні адпусьціў звышгоднага Агапіта да князя. Але звышгодны Агапіт адмовіўся, прамаўляючы: “Калі я пайду да князя, тады мушу ісьці да ўсіх. Да ня будзе таго, каб я дзеля славы людскай з брамы манастыра выйшаў, у якім прад Богам прысягаўся заставацца да апошняга подыху.” Княскі пасланец пачаў пра­сіць звышгоднага даць травы дзеля лекаваньня князя. Калі князь пакаштаваў прысланай манахам травы, ён адразу вылечыўся. Адразу паехаў ён у Кіеў, каб пабачыць і ўзнагародзіць свайго выратавальніка. Але звышгодны Агапіт мовіў: “Усё, чым валодаў ты, зрабілася непатрэбным табе, калі памяраў ты і нічога не здольны быў забраць зь сабой. Цяпер жа раздай усё тым, хто патрабуе, таму што дзеля гэтага і пазбавіў цябе Госпад ад сьмерці. Я б нічога сам не дасягнуў. І не задумай мяне не паслухацца, каб зноў не пазнаць злога.” І ўзяўшы прынесенае золата, вынес усё з кельлі і кінуў, а сам схаваўся. Князь быў вымушаны аддаць прынесеныя дары ігумену ды распавесьці словы вялебнага манаха. І ўсе зразумелі – ёсьць Агапіт слугой Боскім. Ды ніколі не сьмелі выявіць непослух словам звышгоднага манаха-лекара.

У той жа час жыў у Кіеве адзін армянін, які называў сябе лекарам і ўпэўніваў, што можа прадказаць дзень сьмерці хворага. Прад сваёй цялеснай сьмерцю, звышгодны Агапіт вылечыў аднаго хворага, прыгаворнага армянінам. Калі ж захварэў сам вялебны ойча Агапіт, прыйшоў да яго армянін і сказаў: “Ты памрэш праз тры дні, альбо я прыму пострыг у гэтым манастыры.” Звышгодны зь вераю адказваў яму: “Вось якое твае лекарскае мастацтва: размаўляць аб сьмерці, замест таго каб дапамагаць хворым. Калі гэта ў тваёй уладзе, дай мне жыцьцё, замест таго каб прадракаць сьмерць праз тры дні! Гасподзь паведаў мне, што я праз тры месяцы пайду да Яго!”. У гэты час унесьлі хворага. Звышгодны зь малітвай даў яму пакаштаваць траву і хворы зрабіўся цалкам здаровым. Пасьля гэтага Агапіт зьвярнуўся да армяніна і сказаў: “Паглядзі і скажы, што гэта за трава.” Паглядзеў армянін і адказаў: “Яна не зь нашых траваў, а зь Александрыі”. І, пасьмяяўшыся зь ягонага невуцтва, адказаў армяніну звышгодны лекар Агапіт: “Як жа ты пасьмеў, ерэтык армянскі, увайсьці і апаганіць маю кельлю і трымаць маю грэшную руку? Выйдзі ад мяне, інаверны і нячысты.” І армянін, засароміўшыся выйшаў. А звышгодны Агапіт, пражыўшы яшчэ тры месяцы, зь малітвай адышоў да Госпада.

Пасьля сьмерці звышгоднага манаха-лекара Агапіта, прыйшоў армянін у манастыр і кажа ігумену: “Ад гэтага дня прыму я манаскія зарокі, адмаўляюся ад армянскае веры, праваслаўна веру ў Госпада Ісуса Хрыста. Бо явіўся мне звышгодны Агапіт і мовіў: “Абяцаў ты прыняць манаскі вобраз і, калі абяцанку парушыш, загінеш целам і душой загінеш.” І ўвераваў я, бо калі б гэты Звышгодны пажадаў яшчэ доўга жыць тут, то Гасподзь не забраў бы яго з гэтага сьвету. Калі ж і прыняў яго Гасподзь, даў яму жыцьця вечнае. Веру, што ён яшчэ мог жыць зь намі, але пайшоў ад нас зь уласнай волі – Нябеснага Ўладара жадаючы. Як раней я думаў, што нявытрымаць яму тры дні, то ён дадаў сябе тры месяцы. А кілі б я мовіў “тры месяцы”, то і тры гады пражыў бы ён. Але калі і памёр ён тут, то асяліўся ў нябёсах, дзе трывае жыцьцё вечнае і там жывы ён”. І прыняў армянін пострыг у Пячорскам манастыры Кіеўскім і тут ў добрай славе свае жыцьця скончыў.

Пасьля цялеснай сьмерці, звышгодны Агапіт быў пахованы ў пячорах Кіева-Пячорскай Лаўры. Ад ХІ ст. да сёньня згублены лік хворых, што вылечыўся па малітве да сьвятога і ад дотыку да ягоных мошчаў.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.