Friday, May 14, 2010

СЬВЯТЫЯ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ: СЬВЯТАМУЧАНІК МАКАРЫ, МІТРАПАЛІТ КІЕЎСКІ

1 траўня

Сьвяціцель Макары нарадзіўся ў шляхетнай беларускай сям’і, у маладосьці прыняў пострыг у Віленскім Сьвята-Траецкім манастыры і быў там ігуменам. У 1495 г. абяраецца мітрапалітам Кіеўскім. Сам горад Кіеў заставаўся ў тыя часы зруйнаваным і ўжо шмат часу ня бачыў мітрапаліта ў сваіх сьвятынях. Уся Ўкраіна была спустошаная татарамі і сьвяціцель ведаў, што яны перакрылі ўсе шляхі, але аніякая небяспека ня спыніла яго ў жаданьні наведаць сваю паству на Ўкраіне. Ён лічыў сваім абавязкам сьвяціцеля-беларуса дапамагчы братэрскаму народу. Пачаўшы небясьпечны шлях да Кіева, сьвяціцель Макары першага траўня 1497 г., у нядзелю, спыніўся дзеля адпраўленьня Сьвятой Боскай літургіі ў вёсцы Стрыгалава каля Мазыра. Ужо пад час богаслужбы яму паведамілі аб нападзе татараў. Зьвярнуўшыся да зьбянтэжаных багамольцаў, сьвяціцель вымавіў: “Дзеці мае, схавайцеся ўсе, мой жа абавязак заставацца тут!” Народ разбяжаўся мітрапаліт адзін працягваў служыць Сьвятую літургію. Калі напад татараў быў адбіты беларускімі ваярамі, вернікі кінуліся да храму і пабачылі мітрапаліта Макарыя ляжачага каля пасаду. Ягоная галава была адсечана шабляй.

Сьвятое цела мітрапаліта Макарыя было перавезена ў Кіеў і пахована ў саборы Сьвятой Сафіі, які тады быў зачынены, зруйнаваны і закінуты. З таго часу ў саборы пачалі чуць таямнічыя сьпевы нябачнага хору, а каля магілы сьвяціцеля знаходзілі таямніча запаленыя сьвечы. У XVII стагодзьдзі, пасьля шматлікіх цудаў, адбыўшыхся ад малітвы сьвятамучаніку мітрапаліту Макарыю, беларускі сьвяціцель быў прылічаны да ліку сьвятых Кіеўскай Царквы.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.