Saturday, May 1, 2010

НЯДЗЕЛЯ САМАРАНКІ

мітрапаліт Антоній (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!

Эвангельле не паведамляе нам імя жанчыны–самаранкі, але Паданьне Царквы яго захавала, і мы клічам яе па–грэцку – Фатыня, па-руску – Сьвятлана, на кельцкіх мовах – Фіёна, на іншых заходніх мовах – Клэр. І усе гэтыя імёны кажуць нам аб адным: аб сьвятле. Сустрэўшы Госпада Ісуса Хрыста, яна зрабілася сьвятлом, у сьвятле зьзяючым, сьвятлом, якое адукоўвае тых, хто сустракаецца зь ім.

Кожны сьвяты даецца нам ва узор і ў прыклад. Мы не заўсёды можам дакладна паўтарыць дзеяньні сьвятога, мы не заўсёды можам пераймаць яму і крочыць ягоным шляхам ад зямлі на Неба. Але ад кожнага сьвятога мы можам навучыцца двум рэчам. Адно, гэта што сілай мілаты мы можам дасягнуць таго, што чалавеку здаецца немагчымым: стаць чалавекам па выяве і падабенству Боскаму, і ў гэтым цёмным, трагічным сьвеце, які ва уладзе хлусьні ляжыць, быць словам праўды, знакам надзеі, упэўненасьцю, што Бог можа перамагчы, калі толькі мы дамо Яму доступ у нашу душу і ў наша жыцьцё. Першым чынам у нашу душу, таму што, калі Царства Боскае не паселіцца ў нас, калі Бог не запануе ў нашым розуме і сэрцы, як бы пажарам спальваючы усё, што нявартае і нас саміх і Яго, мы не можам зьзяць Божым сьвятлом у навакольным сьвеце.

І другое, чаму могуць навучыць нас сьвятыя, – гэта зразумець, што кажа нам іх імя. Самаранка сёньня кажа нам аб сьвятле. Хрыстос сказаў, што Ён – Сьвятло сьвету, Сьвятло, што адукоўвае кожнага чалавека; і мы закліканы даць у нашых душах, у нашых думках і сэрцах, ва усёй нашай істоце прытулак гэтаму Сьвятлу, каб у нас і праз нас магло зьдзейсьніцца і стаць рэальнасьцю слова, сказанае Хрыстом: “Так ды асьвяціцца сьвятло ваша перад людзьмі, каб, бачачы вашы добрыя справы, яны уславілі Айца вашага, Які на нябёсах”.

Толькі бачачы, як мы жывем, толькі па нашых справах людзі могуць паверыць, што сьвятло – ёсьць сьвятло Боскае; не па нашых словах – няўжо толькі што нашы словы – словы такой жа праўды і сілы, як словы Апосталаў альбо нават Самога Хрыста. Таму задумаемся, кожны зь нас, аб значэньні нашага імя і аб тым, як стаць тым, чым мы названыя.

Самаранка прыйшла да студні не зь духоўных меркаваньняў: яна проста прыйшла, як прыходзіла кожны дзень, каб набраць воды, – і сустрэла Хрыста. Кожны зь нас можа сустрэць Хрыста на кожным кроку жыцьця, калі мы занятыя самымі штодзённымі справамі, калі толькі сэрца наша наладжана правільна, калі мы гатовыя да таго, каб прыняць дабравесьце, пачуць – і ставіць пытаньні! Таму што самаранка ставіла Хрысту пытаньні; і тое, што яна пачула ў адказ, настолькі пераўзыходзіла яе пытаньні, што яна пазнала ў Ім прарока, а потым і Хрыста, Выратавальніка сусьвету.

Але сьвятло нельга хаваць пад кілімам альбо падлогай; выявіўшы, што Сьвятло прыйшоў у сьвет, што слова Боскай праўды гучыць зараз сярод людзей, што Бог сярод нас, яна пакінула усе зямныя клопаты і кінулася бягом падзяліць зь іншымі радасьць, зьдзіўленьне аб тым, што яна знайшла. Спачатку яна распавяла ім, чаму яна паверыла, і калі, можа быць, цікаўнасьць, а можа быць, і пераканаўчая сіла яе слоў і тая зьмена, якую яны ў ёй самой маглі бачыць, прывялі іх да Хрыста, яны пераканаліся і самі і сказалі ёй: Зараз мы верым не таму, што ты нам распавяла, – зараз мы самі бачылі, самі чулі...

Вось чаму самаранка вучыць усіх нас: каб ва усякае імгненьне нашага жыцьця, за самымі немудрагелістымі заняткамі, мы былі так адчыненыя, каб прыняць Боскае слова, быць вычышчанымі яго чысьцінёй, быць асьвечанымі Боскім сьвятлом і прыняць яго ў глыбіні нашага сэрца, прыняць яго усім нашым жыцьцём, так каб людзі, бачачы, чым мы сталі, маглі паверыць, што Сьвятло прыйшоў у сьвет.

Будзем жа маліцца самаранке, каб яна навучыла нас, прывяла бы нас за руку да Хрыста, як яна сама прыйшла да Яго, і служыць Яму, як яна паслужыла Яму, зрабіўшыся выратаваньнем для усіх, хто быў вакол яе. Амін!


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.