Sunday, April 25, 2010

НЯДЗЕЛЯ РАССЛАБЛЕНАГА

Мітрапаліт Антоній (Суражскі)

Ізноў і ізноў, з году ў год тыя жа самыя эвангельскія урыўкі чытаюцца ў царкве; і калі яны вяртаюцца, заўсёды устае перад мной пытаньне: А што ты зрабіў і працяг цэлага году для таго, каб гэты урывак Эвангельля не быў словам, сказаным табе і не пачутым, не быў словам, проста дарма прагучаўшым?..

Сёньняшняе Эвангельле кажа аб паралізаваным чалавеку, які на працягу шматлікіх гадоў не мог знайсьці сабе вылячэньне, таму што ніхто, ні адзін чалавек не знайшоўся за усе гэтыя гады, каб дапамагчы яму апусьціцца ў вылечваючыя воды хрысьцільні. І вось перад мной, як перад кожным зь вас, верагодна, стаяць два пытаньні, і першы зь іх: Хто я? Зь аднаго боку, я той чалавек, пазбаўлены сілы, які няздольны, не можа знайсьці сабе вылячэньне саматугам. Колькі здранцьвеньня ў душы, колькі бясьсільля ў волі, колькі нячуласьці ў сэрца, колькі цьмянасьці ў розуме кожнага зь нас, у мне... І вось, з году ў год, калі—небудзь, хоць сёньня, ураз, устае пытаньне: Ты можаш вылечыцца? і адказ: Не, не магу; сілы няма, не магу узьляцець душой да Бога, не магу сабрацца зь сіламі не магу; я паралізаваны ва усіх адносінах...

І другое пытаньне, ужо дваякае: няўжо няма нікога каля мяне, хто дапамог бы мне ажыць? Не апусьціўшы мяне, вядома, у гаючыя воды, а, можа быць, сказаўшы жыватворнае слова? Можа быць, прапанаваўшы, калі я сам, адзін, не магу ісьці, мяне падтрымаць, мне дапамагчы хоць некалькі крокаў ступіць няўжо няма нікога?.. І калі спытаць сябе колькі ёсьць такіх галасоў, колькі сяброўства, колькі падбадзёрлівых слоў, колькі слоў, зьвернутых да мяне асабіста і да кожнага зь нас, да цябе Самім Выратавальнікам Хрыстом, якія маглі бы крануць душу так, каб яна здрыганулася і зрабілася жывой...

І зваротны бок гэтага другога пытаньня: колькі вакол мяне людзей, паралізаваных воляй, сэрцам, душой, якім я мог бы дапамагчы ажыць, устаць, пайсьці, а мне лянота, мне няма калі, я забываю... І калі я кажу я” – то, па сумленьні, я кажу аб сабе, але таксама, верагодна, аб кожным зь вас, хто слухае, хто чуе маё прызнаньне ў коснасьці...

І што жа нам рабіць? Няўжо зноў чакаць на працягу году, каб тыя жа словы прагучалі, каб зноў Хрыстос нам сказаў тыя жа словы і мы зноў падумалі: А, мінуў год і усё адно і тое ж паўтараецца ў царкве... Паўтараецца, так! як у нашым жыцьці; калі бы толькі мы ажылі ад першага слова, нам не трэба было б яго чуць ізноў і ізноў, мы бы гэтае слова увасобілі ў сабе, мы б яго пранесьлі праз усё жыцьцё, як паходню, і загарэліся бы душы вакол нас, і ажылі бы людзі вакол нас, і яны таксама панесьлі б добрую, жыватворчую вестку...

Вось, на працягу тыдню, які сёньня пачаўся гэтым чытаньнем, паставім перад сабой пытаньне аб тым, у чым мая немач? Чым я паралізаваны? Якой часткай душы? Што занесла гэты параліч, гэтае здранцьвеньне ў маю душу? і адкараскаемся ад гэтага зь дапамогай Хрыста, зь дапамогай любячых нас людзей, сабраўшы усе свае сілы. І спытаем сябе: хто каля мяне патрабуецца ў той дапамозе, аб якой я мару, без якой я жыць не магу?.. І не чакаючы нічога, не чакаючы, каб я сам стаў жывым, паспрабую даць іншаму тую дапамогу, якая яму дапаможа ажыць. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.