Wednesday, April 7, 2010

ДАБРАВЕШЧАНЬНЕ ЎСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Усясьвятая Дзева, пасьля Яе ўвядзеньня ў Ерусалімскі храм, засталася ў храме пад апекай клірыкаў і праводзіла час у малітве, чытаньні Сьвятога Пісьма і рукадзельлі. З пераказаў вядома, калі Сьвятой Дзеве споўнілася 15 гадоў, калі па юдэйскім звычаям дзяўчаты бралі шлюб, сьвятары апавясьцілі ёй, што яна ўжо не можа пакідацца далей у храме і мусіць абраць сябе мужа. Дзева адказала ім, што будучы прысьвечаная сваімі бацькамі Богу, Яна жадае назаўсёды застацца цнатлівай. Тады сьвятары вырачылі заручыць Марыю зь набожным старцам з роду Давыда, на імя Іосіф, які мусій абараняць Яе і быць толькі ўяўным Яе мужам. У Назарэце, у доме праведнага Іосіфа, Усясьвятая Дзева не зьмяніла свайго ўзору жыцьця; Яна ўвесь свой час праводзіла ў малітвах, займалася рукадзельлем і чытала сьвятыя кнігі. Дзеля Яе дом Іосіфа быў як храм малітоўны, зь якога Яна нікуды не сыходзіла і ні з кім не размаўляла, толькі зь дачкамі Іосіфа.

У Галілейскі горад Назарэт, у дом Іосіфа да сьвятой Дзевы Марыі ў шосты месяць пасьля зачацьця Яна Хрысьціцеля, быў пасланы Архіанёл Гаўрыіл. “Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; вось, і Елізавета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.” (Лк. 1:28–38) А Сьвятая Дзевай пайшла да родзічкі сваёй Елізаветы. Елізавета сустрэла Яе такімі словамі: “Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!” (Лк. 1:42)

У адказ на словы Елізаветы, Марыя прамовіла: “Праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго.” (Лк. 1:46–50)

Сьвяткаваньне Дабравешчаньня Усьясьвятой Багародзіцы адбывалася ад самага пачатку стварэньня Хрысьціянскай Царквы. У Назарэце, на тым самым месцы, дзе Архіанёл дабравесьціў Дзеве Марыі, пабудаваны храм у памяць Дабравешчаньня Багародзіцы.

Сьвятыя айцы Царквы ў сваіх працах тлумачаць і тое, чаму Сын Божы ўвасобіўся ва ўлоньні Дзевы Марыі ў дзень 25 сакавіка: Бо Бог стварыў чалавека менавіта ў дзень 25 сакавіка, і таму Бог паслаў Архіанёла Гаўрыіла менавіта ў гэты дзень Дабавесьціць Дзеве Марыі.

У V ст. Анатоль Канстантынопальскі, у VІІ – Андрэй Ерусалімскі, у VІІІ – сьв. Дамаскін, у ІХ – Феафан і іншыя напісалі шмат славячых песьняў у гонар Дабравешчаньня Багародзіцы, якімі і да сёньня Царква праслаўляе гэтую падзею.

Шосты Сусьветны Сабор, які адбыўся ў 691 годзе, 52–м правілам вызначыў не служыць у сьвята Дабравешчаньня, на які б дзень Вялікага Посту ён не падпаў, літургіі Раней Асьвячоных Дароў, падкрэсьліваючы гэтым веліч сьвята.

Трапар сьвята, тон 4

У гэты дзень выратаваньня нашага пачатак / і адвечнай таяміцы зьява: / Сын Божы Сынам Дзевы робіцца / і Гаўрыіл аб мілаце дабравесьціць. / Таму і мы зь ім Багародзіцы сусьпяваем: / “Радуйся, Дабрадатная, Гасподзь з Табою!”


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.