Monday, January 11, 2010

ПРЫСТАНАК У СКРУСЕ

“Ён захоўвае душы сьвятых Сваіх; з рукі бязбожных вызваляе іх.

(Пс. 96:10)

Куды нам ісьці ў нашай скрусе? Няма чалавека, які б не выпрабаваў гора, таму і пытаньне гэтае датычыцца кожнага. Госпад і Настаўнік наш, за Якім мы жадаем крочыць, паказаў нам шлях да прыстанку падчас скрухі: “і ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся” (Лк. 22:44). Падыходзячы разумова да саду Гэфсіманскага, навучымся ад Яго гэтай малітве. Вялікая скруха наведала Яго, і Ён маліў Айца каб мінула гэтая скруха. Прыклад Выратавальніка дае нам права маліцца, каб Госпад пазбавіў нас ад гора або пагражаючай нам небясьпекі.

Але малітва Сына Боскага была непарыўна зьвязана зь адчуваньнем дасканалай пакоры волі Айца: “Не Мая воля, а Твая хай будзе” (Лк. 22:42). Малітва праўдзівая, малітва жаданая Богу, мусіць быць заўсёды прасякнутая такім жа духам.

Мы не ведаем, што для нас лепш. Мы не ведаем, якую карысьць наша гора можа прынесьці нам або іншым, не ведаем, чаго б мы пазбавіліся, калі б гэтае гора нас абмінула. Таму аддамо ўсё Яму: “Не Мая воля, а Твая хай будзе

Малітва Выратавальніка не засталася без адказу. Ён атрымаў падмацаваньне і дапамогу. Хоць горкая чара не абмінула Яго, хоць Ён павінен быў выпіць яе да апошняй кроплі, аднак адказ зьявіўся іншым чынам. Малітва падмацавала Боскага Пакутніка і дала Яму сілу прыняць на Сябе цяжкі крыж і несьці яго да канца. Ці не лепшы гэта адказ на усякую скруху?

Тры разу Выратавальнік выдаляўся ў глыбіню Гэфсіманскага саду, і з кожным разам сьмяротная нуда Яго памяншалася, і нарэшце барацьба скончылася, Ён атрымаў перамогу, і поўны мір пасяліўся ў душы Ягонай.

Госпад заўсёды адказвае на малітву. Адказ зьяўляецца або прама, даруючы нам то, пра што мы просім, або жа выяўляецца ў магчымасьці з пакорай і з радасьцю прыняць волю Боскую. Адыходзячы ў адзіноту для малітвы, мы заўсёды знойдзем суцяшэньне і мір. У гэтай адзіноце нам зьявіцца Анёл Госпада, які умацоўвае нас у сьмяротнай нудзе, і мы атрымаем сілу вынесьці усякае выпрабаваньне.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.