Sunday, June 14, 2009

МУЧАНІК ІЎСЬЦІН ФІЛЁЗАФ


Сьвяты мучанік Іўсьцін Філёзаф нарадзіўся ў Сыхеме - старажытным горадзе Самарыі. Бацькі Іўсьціна, грэкі, былі язычнікамі. Сьвяты з дзяцінства адрозьніваўся глыбокім розумам, любоўю да навук і гарачым імкненьнем да спазнаньня Ісьціны. Ён у дасканаласьці вывучыў розныя кірункі грэцкай філязофіі: стоікаў, пэрыпацецікаў, піфагарэйцаў, платонікаў - і пераканаўся, што ні адно з гэтых паганскіх вучэньняў не адчыняе шляхі да спазнаньня Праўдзівага Бога.

Аднойчы, шпацыруючы ў адасобленым месцы за горадам і разважаючы аб тым, дзе шукаць шлях да спазнаньня Ісьціны, ён сустрэў старца, які ў працяглай гутарцы расчыніў Іўсьціну сутнасьць хрысьціянскага вучэньня і параіў шукаць вырашэньня усіх пытаньняў жыцьця ў кнігах Сьвятога Пісаньня. “Але першым чынам - прамовіў старац, - маліся рупліва Богу, каб Ён адкрыў табе дзьверы Сьвятла. Ісьціну ніхто не можа спасьцігнуць, калі не дасьць яму разуменьня Сам Бог, Адчыняючы яе кожнаму, хто шукае Яго з малітваю і любоўю”.

На 30-м годзе жыцьця Іўсьцін прыняў сьвяты Хрост (паміж 133 і 137 гадамі). З таго часу свае здольнасьці і шырокія філязофскія спазнаньні сьвятой Іўсьцін прысьвяціў пропаведзі Евангельлі сярод язычнікаў. Ён пачаткаў вандраваць па Рымскай імпэрыі, усюды сеючы насеньне выратавальнай веры. “Хто можа узьвяшчаць Ісьціну і не ўзьвяшчае, той будзе асуджаны Богам”, - пісаў ён.

Іўсьцін адкрыў вучылішча, дзе прапаведаваў хрысьціянскую філязофію. Сьвяты Іўсьцін пасьлядоўна адстойваў праўдзівасьць і выратавальнасьць хрысьціянскага вучэньня, пераканаўча аспрэчваючы і паганскія мудрасьці (як, напрыклад, у спрэчцы з філёзафам-кінікам Крыскентам), і ерэтычныя скрыўленьні хрысьціянства (у прыватнасьці, ён выступаў супраць вучэньні Маркіёна-гностыка).

Каля 155 году, калі імпэратар Антанін Пій (138 - 161) адкрыў ганеньне на хрысьціян, сьвяты Іўсьцін асабіста падаў яму “Апалёгію” у абарону невінавата асуджаных на пакараньне сьмерцю хрысьціян - Пталямея і Лукія, імя трэцяга засталося невядомым. У “Апалёгіі” ён даказваў памылковасьць пакладзеных на хрысьціян абвінавачваньняў “ад імя несправядліва ненавідных і гнаных хрысьціян”. “Апалёгія” аказала гэтакае дабратворнае узьдзеяньне на імпэратара, што ён спыніў ганеньне. З рашэньнем імпэратара сьвятой Іўсьцін адправіўся ў Азію, дзе асабліва моцна перасьледавалі хрысьціян, і сам распаўсюджваў радасную вестку аб імпэратарскім указе па навакольных гарадах і краінах.

У Эфэсе адбыўся дыспут сьвятога Іўсьціна з рабінам Трыфанам. Праваслаўны філёзаф на аснове старазапаветных прароцкіх пісаньняў даказваў ісьціну хрысьціянскага веравучэньня. Гэтая спрэчка выкладзеная сьвятым Іўсьцінам у кнізе “Гутарка з Трыфанам-жыдавінам”.

Другая “Апалёгія” сьвятога Іўсьціна была зьвернута да рымскага сената. Напісаная яна была ў 161 годзе, неўзабаве пасьля уступа на пасад Марка Аўрэлія (161 - 180).

Вяртаючыся ў Італію, сьвяты Іўсьцін, падобна Апосталам, усюды прапаведаваў Евангельле і сваім Боганатхнённым словам шматлікіх навярнуў да хрысьціянскай веры. Калі сьвяты прыйшоў у Рым, маючы зайздрасьць да яго Крыскент, якога Іўсьцін заўсёды перамагаў у спрэчках, узьвёў на яго шмат ілжывых абвінавачваньняў перад рымскім судом. Сьвяты Іўсьцін быў узяты пад варту, падвергнуты катаваньням і прыняў пакутніцкую сьмерць (+ 166).

Акрамя згаданых твораў, сьвятому мучаніку Іўсьціну Філёзафу прыналежыць яшчэ шэраг казаньняў “Зацемкі аб душы”, “Абвінавачаньні супраць элінаў”, “Прамова супраць элінаў”. Сьвяты Ян Дамаскін захаваў значную частку не дайшоўшай да нас кнігі сьвятога Іўсьціна “Аб уваскрэсеньні”. Царкоўны гісторык Яўсевій сьведчыць, што сьвятым Іўсьцінам былі напісаныя кнігі “Сьпявак”, “Абвінавачаньне усіх былых ерасяў” і “Супраць Маркіёна”.

Мошчы сьвятога Іўсьціна Філосафа спачываюць ў Рыме. У Кіеўскай (беларуска-украінскай) Царкве памяць мучаніка асабліва услаўляецца ў храмах на яго імя.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.