Saturday, June 13, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 31 траўня/ 13 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 79б

Браты, усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Найперш за ўсё дзякую Богу майму празь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера вашая абвяшчаецца па ўсім сьвеце; сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у зьвеставаньні Сына Ягонага, што бесьперастанку ўспамінаю пра вас, заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб воля Божая хоць цяпер паспрыяла мне прыйсьці да вас, бо я вельмі прагну ўбачыць вас, каб падаць вам які дар духоўны на ўмацаваньне вашае, гэта значыцца, суцешыцца з вамі верай супольнаю, вашаю і маёю.

Рым 1:7–12

Чытаньне Евангельля на 31 траўня/ 13 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 15

Кажа Госпад: Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. Вы чулі, што сказана: “Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі? Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Мц. (5:42-48)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.