Tuesday, December 8, 2009

СЬВЯТАМУЧАНІК ПЁТР, АРХІЯПІСКАП АЛЕКСАНДРЫЙСКІ


Памяць 25 лістапада

Сьвяты сьвятамучанік Пётр, архіяпіскап Александрыйскі, нарадзіўся і вырас у Александрыі. Быў высокаадукаваны, займаў пасаду начальніка Александрыйскай школы. У 300 годзе ён уступіў у кіраваньне Александрыйскай Царквой, стаўшы пераемнікам свайго настаўніка і духоўнага настаўніка, вялебнага ўладыкі Фяёны.

Выгнаны з горада падчас перасьледу хрысьціян пры імпэратарах Дыёклетыяне і Максіміліяне, сьвяты Пётр, пабываўшы ў шматлікіх абласьцях імпэрыі, ізноў вярнуўся ў свой родны горад, каб у гэты небясьпечны час зноў асабіста узначаліць Александрыйскую Царкву. Сьвяціцель таемна наведваў зьняволеных у вязьніцы хрысьціян, падтрымліваючы ў іх цьвёрдасьць у веры, дапамагаў удовам і сіротам, прапаведаваў Слова Боскае, няспынна маліўся і зьдзяйсьняў Богаслужэньні. І Госпад захоўваў яго ад рук ганіцеляў.

У гэты смутны час на Царкву Хрыстову паўстаў настаўнік нягодны Арый, які адмаўляў Бажаство Ісуса Хрыста. Сьвяты Пётр выступіў супраць яго, скляў ерэтыка і адлучыў яго ад Царквы. І нават тады, калі Арый праз вучняў сьвяціцеля упрошваў уладыку Пятра зьняць зь яго адлучэньне, сцвярджаючы, што ён раскайваецца і адмаўляецца ад свайго ілжэвучэньня, сьвяціцель, кіраваны Духам Сьвятым, прадбачыў ілжывасьць і падступства адрачэньні Арыя і загадываў сваёй пастве не верыць Арыю і не прымаць яго ў царкоўныя зносіны.

Пад мудрым амафорам сьвятога Пятра Александрыйская Царква, нягледзячы на ганеньні, дужэла і памнажалася. Але вось, па загадзе імпэратара Максыміліяна (305-311), сьвяціцель быў схоплены і асуджаны на сьмяротнае пакараньне. Мноства людзей сабралася каля уваходу ў вязьніцу, выяўляючы сваю абуранасьць. Жадаючы пазьбегнуць народнага мяцяжу і кровапраліцьця, сьвяціцель накіраваў уладам ліст, у якім прапаноўваў разабраць заднюю сьцяну вязьніцы з тым, каб яго змаглі таемна ад народа вывесьці на пакараньне сьмерцю. Цёмнай ноччу сьвяты Пётр cам выйшаў насустрач катам, якія вывялі яго за гарадзкія сьцены і абезгаловілі на тым жа самім месцы, дзе некалі быў пакараны сьвяты апостал Марк, а голас зь неба, які чула адна сьвятая дзева ў гэтую ноч, узьвясьціў: “Пётр пачатак Апосталаў, Пётр канец александрыйскіх мучанікаў”. Гэта адбылося ў 311 годзе.

Раніцай, пазнаўшы аб сьмерці свайго япіскапа, натоўпы людзей накіраваліся да месца пакараньня сьмерцю, узялі цела і галяву мучаніка, прынесьлі ў царкву і, апрануўшы ў архірэйскія рызы, пасадзілі на час адпяваньня на горнае месца. Пры жыцьці сьвяты Пётр садзіўся толькі на падножжа яго, таму што, па словах сьвяціцеля, бачыў Боскае сьвятло, навокал горнага месца, і не адважваўся, па пакоры, усходзіць на яго. Сьвяты Пётр, вялікі змагар Праваслаўя, вядомы і як глыбокі Багаслоў. Вытрымкі зь яго кнігі “Аб Боскасьці” зачытваліся на Эфэскім і Халкідонскім Саборах. Зь яго прац найболей вядомыя і высока шануюцца Царквой "Правілы".

Трапар Пятру, архіяпіскапу Александрыйскаму

Ад вышэйшага суду Хрыстовага пастыр статку, / на жыцьцё набожным паслаў усяіудныя твае догматы, / адагнаўшы Арыя, як волка злога, / увайшоўшага ў верных бязбожнымі вучэньнямі. / Таксама і душу тваю паклаў за іх, / пастырам назваўшыся, як кажа Госпад, герарх Пятро звышгодны, / малі Хрыста Бога прабачэньня грахоў падаць / шануючых зь любоўю сьвятую памяць тваю.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.