Sunday, December 27, 2009

МУЧАНІКІ АПАЛОНІЙ, ФІЛІМОН, АРЫЯН І ФЕАЦІХ АНТЫНОЙСКІЯ

Памяць 14 сьнежня

Сьвятыя мучанікі Апалоній, Філямон, Арыян і Феаціх папакутавалі за веру ў Эгіпце, у г. Антыное, пры імпэратару Дыякліціяне (284 — 305). Сьвяты Арыян да свайго звароту ў Хрыстову веру быў ганіцелем хрысьціян, у тым ліку мучанікаў Апалонія і Філімона. Спачатку мучанік Апалоній, спужаўшыся магчымых пакут, упрасіў музыку—язычніка Філімона пераапрануцца ў ягоную вопратку і прынесьці за яго ахвяру ідалам. Але нечакана сьвяты Філімон паспавядаў сябе перад язычнікамі хрысьціянінам. Сьвяты Апалоній раскаяўся і таксама паспавядаў Хрыста. Пасьля катаваньняў абодва мучаніка былі пакараныя. Іх кат Арыян, вылечыўшы сваё параненае вока прахам, узятым ад магілы Філімона, раскаяўся, зьвярнуўся ў хрысьціянскую веру і хрысьціўся са усім домаі і целаахоўнікамі. За любоў да Хрыста яны добраахвотна пайшлі на пакуты і былі адданыя сьмерці. Сярод целаахоўнікаў старэйшым быў мучанік Феаціх, які ўзгадваецца разам зь іншымі сьвятымі. Мучанікі Філімон і Апалоній загінулі 16 сакавіка 286 г., а мучанікі Арыян і Феаціх — 4 сакавіка 287 году.

У Ерусалімскай Царкве ёсьць адмысловы старажытны трапар мучаніку Апалонію, які мае паходжаньне зь старажытных эгіпэцкіх манастыроў.

Трапар мучаніку Апалонію

Задумам Боскім на шлях сьмелага спавяданьня павернуты, / лютасьць язычнікаў перамог ты, / мучанік слаўны Апалоній, гонар і абаронца нябесны гораду Антынону, / і іншых верай Хрыстовай запаліў слаўна. / За гэта вянец ад Уладара ўсіх прыняўшы, / прад пасадам Яго стаіш. / Малі Хрыста Бога, каб выратаваліся душы нашы.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.