Monday, November 2, 2009

КАМПРАМІС ПА–ГРЭЦКІ

“Эладская мадэль”, значыцца мадэль кананічнай арганізацыі, што сёньня існуе ў Грэцыі зьявілася як кампрамісная пасьля ўваходжаньня да складу грэцкае дзяржавы ў выніку балканскіх войнаў 1912 – 1913 г.г. так званых новых, альбо паўночных, тэрыторый. Вынікала кананічная праблема: да часу ўваходжаньня да складу Грэцыі на гэтай вялікай тэрыторыі існавала кананічная ўлада Сусьветнага Патрыярха. Адначасна, адпаведна Томасу аб аўтакефаліі, выдадзенага ў 1850 г. Канстантынопальскай Патрыярхіяй, кананічная ўлада Эладскае Царквы распаўсюджвалася на тэрыторыі, што ўваходзяць да складу Грэцыі. У ліпні 1928 г. грэцкі ўрад выдаў закон, адпаведна якому япархіі новых тэрыторый далучаліся да Эладскае Царквы. Аднак канчаткова доля япархій была вырашана толькі ў верасьні таго ж году, калі Сусьветны Патрыярх выдаў акт, адпаведна якому япархіі новых тэрыторый перайшлі ў кіраваньне Эладскае Царквы, адначасна захоўваючы сваю еднасьць зь Сусьветным Патрыярхатам.

Такім чынам складася так, што каля палавіны япархій Праваслаўнай Царквы ў Грэцыі апынуліся ў стане двайнога кананічнага падпарадкаваньня. Зь аднаго боку, права ўпраўленьня япархіямі былі перададзены Сабору япіскапаў Эладскае Царквы (у склад якой дэ–факта ўвайшлі і япархіі новых тэрыторый). Зь іншага – за Сусьветным Патрыярхам было захавана шэраг кананічных правоў адносна новых тэрыторый, напрыклад Патрыярх утрымліваў за сабой права зацьвярджаць кандыдатаў на катэдры. Такім чынам, Сусьветнаму Патрыярху і Эладскае Царкве ўдалося на падставе кампрамісу выпрацаваць такі функцыянальны мэханізм кананічнага ладу Праваслаўнае царквы ў Грэцыі, які задавальняў ўсе зацікаўленыя бакі, менавіта абедзьве памесныя царквы і грэцкую дзяржаву.

Ці актуальна падобная мадэль вырашэньня царкоўнае праблемы для Ўкраіны? Зь аднаго боку, мы мусім зьвярнуць увагу на шэраг адрозьненьняў паміж украінскай сытуацыяй і грэцкай. Па-першае, прад Праваслаўнай царквой у Грэцыі стаяла заданьне не вылячэньня расколу, а дасягненьне эфэктыўнага узаемадзеяньня паміж двума кананічнымі юрысдыкцыямі. Па– другое, у адрозьненьні ад УПЦ, Эладская царква мае статус аўтакефальнай, а таму была здольная выступаць як самастойная адзінка, укладаючы дамоўленасьць з Канстантынопалем. Зрэшты, пасьля выданьня Томасу аб аўтакефаліі Эладскае царквы (1850) паміж Эладскаю царквой і Сусьветным Патрыярхам усталяваліся крыху іншы тып адносінаў, чым сучасныя адносіны ЎПЦ і Канстантынопаля. Бо не сакрэт, што для любога грэка, належнага да любой праваслаўнай юрысдыкцыі, Сусьветны Патрыярх ёсьць ня толькі першым па годнасьці праваслаўным герархам, а і духоўным лідэрам элінізму.

Зь іншага боку, нам падаецца, што перабольшаньне значэньня гэтых адметнасьцяў – няправільна. Тыя, хто апынуўся ў кананічнае ізаляцыі, сёньня вельмі шчыра прагнуць аднавіць царкоўную еднасьць. Кананічны статус УПЦ, хоць і прадбачвае пэўную залежнасьць ад кіруючай герархіі Маскоўскага патрыярхату, усё ж такі дастатковы для ўдзелу ў перамоўным працэсе па пытаньню аднаўленьня царкоўнае еднасьці. Апрача гэтага, сёньня кіраўніком Расейскае царквы зьяўляецца асабістасьць, яка, безумоўна, увойдзе ў гісторыю гэтай Памеснае царквы як адзін зь найбольш дзейных і стратэгічна думаючых кіраўнікоў за ўсю яе гісторыю. Таму, узяўшы пад увагу заявы патрыярха Кірылы аб тым, што пераадоленьня расколу ва Ўкраіне – адна з прыярытэтных мэтаў яго патрыяршага служэньня, мы спадзяемся, што Яго Сьвятасьць не адмовіцца ад сваіх слоў і актыўна будзе спрыяць вылячэньню расколу ва Ўкраінскае царкве. Зрэшты, калі паміж Маскоўскім патрыярхам і Канстантынопалем і ёсьць пэўны праблемы ў адносінах, то гэта пытаньне, якія вырашаюцца. І супраца ў вылячэньні расколу ва Ўкраіне была б найлепшым спосабам аптымізацыі адносін паміж патрыярхамі.

Украіна мусіць быць не тэрыторыяй разладу, а тэрыторыяй супрацы. Вырашэньне ўкраінскага пытаньня мусіць і павінна не раскалоць праваслаўны сьвет, а, наадварот, замацаваць новы эфэктыўны спосаб узаемадзеяньня паміж двума найбольш уплывовымі памеснымі цэрквамі праваслаўнага сьвету.

“Эладскую мадэль” нельга мэханічна перанесьці на ўкраінскую глебу. Аднак менавіта гэтая мадэль можа дапамагчы ўкраінскаму праваслаўю ў набыцьці еднасьці.

Досьвед кананічнай арганізацыі Грэцыі сьведчыць, што царкоўная еднасьць краіны не абавязкова прадбачыць еднасьць юрысдыкцый. Там існуе дзьве юрысдыкцыі – Эладскае Царквы і Канстантынопальскага патрыярхату. Але гэта не перашкаджае япіскапам гэтых двух юрысдыкцый як магчыма больш шчыльна супрацоўнічаць, фактычна зьяўляючыся адным царкоўным целам. Гэта ж мадэль у той альбо іншае форме можа быць рэалізавана і ва Ўкраіне.

Як вядома, 26 жніўня 2009 г., япіскапат УАПЦ аднагалосна падаў на імя Сьвяцейшага Патрыярха Варфаламея просьбу аб прыняцьці нашае Царквы ў склад Сусьветнага Патрыярхату на правах аўтаноміі. Адначасна ЎАПЦ не жадала б, каб задавальненьня гэтай просьбы выклікала крызу ў адносінах паміж Масквой і Канстантынопалем. Не жадаем мы таксама, каб уваходжаньне ЎАПЦ у склад Сусьветнага Патрыярхату затармазіла працэс паступовага збліжэньня ЎАПЦ і ЎПЦ (МП). Наадварот, мы шчыра прагнем, каб гэтае збліжэньне ўвянчалася сваім лягічным канцом – усталяваньнем паміж нашымі цэрквамі поўнага супрычасьця, калі б вернікі ЎАПЦ і ЎПЦ (МП) маглі без усялякіх перашкод мець зносіны ў малітвах і таямніцах.

Шлях да такога збліжэньня дзеля праваслаўных верных Украіны можа адчыніць толькі адказнае супрацоўніцтва ў вырашэньні ўкраінскае праблемы Канстантынопаля, Кіеву і Масквы. Канстантынопальскі патрыярх, япіскапат УПЦ і Сьвяцейшы Патрыярх Кірыла павінны сумеснымі намаганьнямі вызначыць, якім чынам вылечыць раскол і надаць адзінакроўным братам магчымасьць агульнай малітвы і прычасьця ад адзінай Чары.

Уваходжаньне ЎАПЦ да складу Канстантынопальскага патрыярхату мусіць адбыцца не супраць волі Расейскае Царквы, а, наадварот, зь яе добрай волі. Безумоўна, з такім падыходам такая юрысдыкцыя магла б мець не абсалютны характар. Пэўную колькасьць кананічных юрысдыкцыйных правоў Канстантынопаль мог бы перадаць агульнаму сабору кананічных праваслаўных япіскапаў Украіны пад кіраўніцтвам Сьвяцейшага мітрапаліта Ўладзіміра.

Бо становішча здаецца невырашальным толькі ў тым выпадку, калі мы бачым сябе царкоўную юрысдыкцыю як нешта абсалютнае, быццам бы той ці іншы патрыярхат – гэта асобная абсалютна сувэрэнная дзяржава зь сваёй мовай, валютай і старана ўмацаванымі “кананічнымі межамі”. З багаслоўскае кропкі гледжаньня, усё цалкам інакш. Маскоўскі і Канстантынопальскі патрыярхаты – гэта не дзьве “сувэрэнныя дзяржавы” і нават не дзьве “сувэрэнныя” зачыненыя ў сябе цэрквы. Гэта адна і тая ж Праваслаўная царква, дзьве памесныя праявы адной і той жа саборнай, кафалічнае царквы. І калі для рэальнага вылячэньня расколу ва Ўкраіне сёньня неабходна іх шчыльнае супрацоўніцтва, то абодва старажытных і ўплывовых у сьвеце патрыярхата павінны знайсьці ў сябе жаданьне і магчымасьць для плённага супрацоўніцтва.

УАПЦ гатовая для ўхваленьня рашэньня на падставе кансэнсусу. Мы не прагнем, каб легалізацыя нашага кананічнага статусу прывяла да жорсткага перафарматаваньня канфэсійнае мапы Ўкраіны. Мы не жадаем, каб ва Ўкраіне ўзьнялася новая хваля пякельнай барацьбы за храмы і маёмасьць. УАПЦ дастаткова ўласных магчымасьцяў у зьдзяйсьненьні царкоўнай місіі. Мы верым, што колькасьць нашай паствы павялічыцца не за рахунак адыходу веруючых ад УПЦ (МП), а дзякуючы нашае місіянэрскае працы, дзякуючы эвангелізацыі тых мільёнаў украінцаў, якія сёньня не прыналежаць ні да адной з хрысьціянскіх канфэсій.

Такога ж адкрытага і ахвярнага ўдзелу ў вылячэньні расколу мы чакаем ад Маскоўскага і Канстантынопальскага патрыярхаў. Дваццаць гадоў існаваньня ва Ўкраіне аўтакефальнага руху засьведчылі: вырашыць праблему сілавымі сродкамі немагчыма. УПЦ пад амафорам Сьвяцейшага мітрапаліта Ўладзіміра не можа паглынуць паствы ЎПЦ КП альбо ЎАПЦ. Кіеўскі Патрыярхат не можа паглынуць УПЦ (МП) і нават меньш колькасную ЎАПЦ. Не ўвянчаліся посьпехам і намаганьні палітыкаў, якія падштурхоўвалі Канстантынопаль паглынуць украінскае праваслаўе альбо нават украінскі аўтакефальны рух ў асобе ЎПЦ КП і ЎАПЦ. Таму мы мусім зразумець, што лёгіка паглынаньня сябе не апраўдвае. Патрэбна адмовіцца ад ідэі паглынаньня і спрабаваць адбудаваць мадэль кананічнай арганізацыі Праваслаўнай царквы ва Ўкраіне такім чынам, каб у ёй былі ўлічаны інтарэсы ўсіх цэркваў, і найперш “інтарэс Божы”, а менавіта неадкладнае вылячэньне расколу.

“Эладская мадэль” – толькі адна зь магчымых мадэлей вылячэньня расколу ва Ўкраіне. Зразумела, што яна патрабуе сёньня не так прапаганды, як разважлівага і незалежнага аналізу. Аднак гэты аналіз не павінны зводзіцца да патрыятычных дэклярацый, калі рашэньне на падставе кансэнсусу разглядаецца “канфэсійнымі патрыётамі” як здрада інтарэсаў “нацыі / царквы”. Час “канфэсійнага шавінізму” мінуў. Мы павінны ўсьвядоміць, што наша галоўнае грамадзянства – не тыя альбо іншыя зямныя краіны, а вышэйшы, Нябесны Ерусалім.

Ян, архіяпіскап Уманські, кіраўнік багаслоўска–кананічнай камісіі ЎАПЦ.

http://uaoc.net/2009/10/31/kompromis-po-hretsky/


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.