Monday, October 5, 2009

АДБЫЛАСЯ СУСТРЭЧА ПАМІЖ ГЕРАРХАМІ ЎАПЦ І ПАТРЫЯРШАЕ ДЭЛЕГАЦЫЯЙ СУСЬВЕТНАГА ПАТРЫЯРХАТУ

4 кастрычніка 2009 г. у Кіеве ў памяшканьні патрыярхіі ЎАПЦ адбылася сустрэча герархаў УАПЦ зь дэлегацыяй Сусьветнага Патрыярхату. З боку ЎАПЦ у сустрэчы бралі ўдзел: Кіраўнік УАПЦ Сьвяцейшы Мітрапаліт Мяфодзій (Кудракоў), Прысьвяты Андрэй (Абрамчук), мітрапаліт Галіцкі, кіруючы Івана-Франкоўскае япархіяй УАПЦ. Прысьвяты Ян (Модзалеўскі), архіяпіскап Уманскі, Старшыня Багаслоўска-кананічнае камісіі ЎАПЦ. У склад Патрыяршай дэлегацыі Сусьветнага Патрыярхату ўвайшлі: іх Еміненцыя Мітрапаліт Гальльскій Эмануіл (Адамкіс), старшыня прадстаўніцтва Праваслаўнае Царквы пры ЭС (Старшыня дэлегацыі); генэральны сакратар Сьвяцейшага Сыноду Сусьветнае Патрыярхіі архімандрыт Елпідорф ( Ламбрыянідзіс); пратаярэй Васіль Папафанасіў (перакладчык)

Патрыяршая дэлегацыя прыбыла ва Ўкраіну па запрашэньню Прэзыдэнта Ўкраіны В. Юшчанка зь мэтай больш дэталёвага вывучэньня царкоўнага становішча ва Ўкраіне. У ходзе размовы з гэрархамі ЎАПЦ было абгаворана царкоўнае становішча ў нашае краіне і бачаньне япіскапатам УАПЦ шляхоў пераадоленьня царкоўнага падзелу. Кіраўнік УАПЦ Сьвяцейшы Мітрапаліт Мяфодзій у чарговы раз падкрэсьліў, што на дадзеным этапе герархі ЎАПЦ адным з галоўных прыярытэтаў сваёй дзейнасьці лічаць выхад з штучнай кананічнае ізаляцыі, у якой апынулася Царква пасьля самаабвяшчэньня аўтакефаліі.

“Мы зь надзвычайнай павагай ставімся да Сусьветнага Патрыярха, — заявіў Сьвяцейшы Мітрапаліт Мяфодзій, — і зь вялікай надзеяй чакаем таго дня, калі ён раскрые свае бацькоўскія абдымкі для нашае Царквы. Уваходжаньне ў супрычасьце зь Сусьветным Патрыярхам – сёньня гэта адзін з галоўных прыярытэтаў для нашае Царквы, і мы будзем пасьлядоўна рухацца да гэтай мэты”. Адначасна Кіраўнік УАПЦ выказаў жаль з прываду таго факту, што кіраўніцтва ЎПЦ КП да сёньня не гатовае ахвяраваць уласнымі інтарэсамі дзеля еднасьці Царквы і працягвае адстойваць пазіцыю ізаляванага царкоўнага разьвіцьця.

У сваю чаргу Патрыяршая дэлегацыя адзначыла, што вітае намаганьні ЎАПЦ выйсьці з кананічнае крызы і нармалізаваць свой кананічны статус, а таксама праінфармавала Сьвяцейшага Мітрапаліта Мяфодзія аб сучасным стане міжправаслаўных адносін, у прыватнасьці, аб ходзе падрыхтоўкі да Сьвятога і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы. Як паведаміў Старшыня Патрыяршае дэлегацыі Іх Эміненцыя Мітрапаліт Эмануіл, на пачатаку сьнежня ў Канстантынопалі адбудзецца чарговае паседжаньне Сьвяцейшага Сыноду Сусьветнага Патрыярхату, на якім будзе выслухана справаздача дэлегацыі.

Важнае значэньне для царкоўнага становішча ва Ўкраіне мае і іншая знакавая царкоўная падзея, якая адбудзецца ў гэтым жа месяцы ў цэнтры Сусьветнага Патрыярхату ў Шамбезе (Швейцарыя). У сярэдзіне сьнежня тут адбудзецца паседжаньне Міжправаслаўнае камісіі, якая мусіць зьдзейсьніць падрыхтоўку да Ўсеправаслаўнае Нарады з пытаньня наданьня аўтакефаліі, аўтаноміі і парадку дыптыхаў. Як лічаць экспэрты, разгляд гэтага пытаньня спрыяе і канчатковаму вырашэньню ўкраінскае царкоўнае праблемы.

У канцы сустрэчы Сьвяцейшы Мітрапаліт Мяфодзій ад імя ЎАПЦ падзякаваў Патрыяршай дэлегацыі за разуменьне царкоўнага становішча ва Ўкраіне і запэўніў гасьцей, што ўваходжаньне ЎАПЦ да складу Сусьветнага Патрыярхату будзе гістарычнай падзеяй у жыцьці Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы і значна паўплывае на хуткасьць аб’яднаўчых працэсаў ва Ўкраінскім Праваслаўі.

Прэс-служба УАПЦ

http://uaoc.net/?p=3033

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.